top of page

Будынак друкарні

       Сёння разбураны будынак друкарні знаходзіцца на адлегласці 1 км ад вёскі на паўднёвы захад. Пабудаваны ў канцы 16 ст. з буйнапамернай цэглы (32x16x7 см). Часткова захаваліся падвал, цокаль, сцены верхняга паверха. У сярэдзіне 19 ст.,калі будынак перараблялі у палац, быў дабудаваны верхні паверх у класічным стылі.

       У падвале будынка размяшчалася друкарня, заснаваная стольнікам літоўскім, ваяводам полацкім, старастам ваўкавыскім, шарашоўскім і лепельскім Мікалаем Дарагастайскім. Друкарня дасягнула росквіту ў пач. 17 ст., калі Мураванай Ашмянкай валодаў яго сын Крыштаф Мікалай Дарагастайскі.

      Сын Крыштафа Уладзіслаў пражыў толькі 27 гадоў, на яго дачцы Соф'і спыніўся род Дарагастайскіх. Мураваная Ашмянка перайшла да Сапегаў, потым да Важынскіх. Знік кальвінскі збор, спыніла работу друкарня...

      У сярэдзіне 19 ст. будынак друкарні перарабілі пад палац, дабудаваўшы другі паверх. Ад старога будынка застаўся склеп і цагляныя сцены першага паверха. Сёння ад палаца засталіся адны руіны, па якіх цяжка вызначыць архітэктурны стыль. Дах адсутнічае, першы паверх амаль цалкам ўвайшоў у зямлю, паўсюдна разрасліся кусты і дрэўцы. Усе скляпенні абваліліся, пахаваўшы пад сабой уваход.

У памяць аб будаўніцтве ля будынка ўмураваны камень з датамі "1590-1843".

Касцёл святой Дзевы Марыі

    Пабудаваны ў цэнтры вёскі ў 1790 годзе з дрэва па фундацыі падкаморыя Ігната Важынскага на месцы касцёла 1650 года. Паднаўляўся ў 1841г. і ў 1874 г. 
   Касцёл захоўвае традыцыі народнага драўлянага дойлідства.У плане ён нагадвае крыж, выцягнутая алтарная частка мае пяцігранную форму. Чатыры франтоны завяршаюцца маленькімі вежамі з крыжамі. На ашаляваных сценах няма дэкору. Столь і бэлькі ўпрыгожаны арнаментам у выглядзе гірляндаў з лісцяў, лілей і стужак з літургічнымі сімваламі, выявамі архангелаў, спляценнямі залатых каласоў і блакітна-зялёных гронак вінаграду. На капітэлях захавалася першапачатковая пазалота.
   Галоўны алтар з вобразам "Тройца новазапаветная" мае форму двух'яруснага подыуму. Першы ярус - 4-калонны порцік, другі - квадратны шчыт з абразом "Хрышчэнне", Ярусы алтара маюць скулыітуры анёлаў, бакавіны утрымліваюць разьбу па дрэве ў выглядзе гратэскавых узораў.
Касцёл дзейнічаў увесь час.

 Памяць: Гісторыка - дакументальная хроніка Ашмянскага раёна. - Мінск: Памяць, 2003. - С. 651.

У межах касцельнага сквера знаходзіцца 2-ярусная каркасная званіца, пабудаваная ў канцы 18 ст.    

Капліца

bottom of page