top of page

КРЫШТАФ  МІКАЛАЙ  ДАРАГАСТАЙСКІ

і вёска Мураваная Ашмянка

давр.jpg
book.jpg

     Любоў да Радзімы - гэта не толькі жыць яе інтарэсамі, жаданне працаваць на карысць свайго народа, гатоўнасць абараняць сваю зямлю ў час ліхалецця. Сапраудны патрыёт павінен ведаць сваё мінулае, ведаць перамогі і паражэнні сваёй айчыны, яе герояў, мысліцеляў, майстроў.

     Наш народ мае надзвычай цікавую і драматычную гісторыю. Неаднаразова праз наш край праходзіла смерчам навала ваенных ліхалеццяў.

      Але наш народ выстаяў, захаваў сваю мову, культуру, традыцыі. Наша задача сёння не згубіць гэты каштоўны скарб, данесці яго да наступнага пакалення. У гэтым працэсе вялікую ролю адыгрывае жаданне кожнага з нас разабрацца ў тым, што было, але чаго ўжо няма, ці што пакінула амаль непрыкметны след у летапісах ці дакументах.

     Гісторыя вядзе адлік ў адваротным кірунку - бо яе пачатак заўжды сёняшні дзень. Дзякуючы гэтаму мы можам убачыць у далёкай даўніне тое, што было для яе будучыні і менавіта гэта дазваляе нам вучыцца ў яе. Праблемы, якія ставіць перад намі жыццё, не новыя. Хтосьці ўжо іх вырашаў, добра ці дрэнна, але сёння мы павінны рухацца наперад, абапіраючыся на свой гістарычны вопыт і вопыт іншых народаў.

     І не толькі літаратурныя творы, летапісы ці распрацоўкі вучоных апавядаюць нам пра нашу гісторыю. Паўсюдна ў гарадах і вёсках, на берагах рэк і азёр, на шматлікіх раўнінах і ўзгорках ёсць маўклівыя сведкі славутага ці горкага мінулага. Гэта і курганы, і паселішчы, і руіны шматлікіх замкаў. Яны, напэўна, самыя галоўныя захавальнікі нашай даўніны. Трэба толькі ўмець разумець, аб чым яны нам распавядаюць.

     Такое месца ёсць і ля вёскі Мураваная Ашмянка. Гэта руіны некалі велічнага маёнтка, дзе жылі прадстаўнікі знакамітага рода Дарагастайскіх. Сёння цяжка паверыць, што гэта была сапраўдная сядзіба з алеяй, у якой былі рэдкія пароды дрэў, з вялікай сажалкай... Але галоўным аб'ектам быў, безумоўна, сам панскі дом, як яго сёння называюць у вёсцы. Тут у 17 стагоддзі працавала друкарня. І менавіта тут была надрукавана знакамітая на ўсю Еўропу "Гіпіка". А сам уладар быў важнай палітычнай фігурай у Вялікім Княстве Літоўскім.

      Да нашых дзён захавалася толькі капліца, якая стаіць на тым месцы, дзе быў уезд у сядзібу, спілаваная алея, магутныя сцены дома.

      Прыслухаўшыся, уключыўшы ўяўленне, можна трапіць у той час, калі тут быў сапраўдны асяродак асветы, тут спрачаліся, тут спявалі, тут смуткавалі і любілі, - тут ЖЫЛІ...

bottom of page